Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Чаромха

Сярэдняя: 5 (8 галасоў)

Чаму ў цвіцення час кароткі
заўжды мяне хвалюе штосьці?
І для мяне твой пах – салодкі,
як успамін аб маладосці.
Хоць і адчуў я ў ім гарчынку,
калі – зусім яшчэ падлетак –
спаткаў знаёмаю дзяўчынку
з букетам першых сціплых кветак.
Ішла яна ў напрамку вёскі,
а ты расла калі дарогі,
і вецер белыя пялёсткі
страсаў і кідаў ёй пад ногі.
Цвілі льняным блакітам вочы.
Цвіла ў равах, жаўцела лотаць.
Крануў мяне пагляд дзявочы
і – неўпрыкмет – дзявочы локаць.
Я з ёй нясмела павітаўся,
і нейкі час ішлі мы поруч.
З тае пары ў душы застаўся
твой непаўторны пах і горыч…
Дарыў мне потым свет распусны
глыток атруты ў кожнай кветцы –
глыток, якога прагнуць вусны,
а сэрца, быццам птушка ў клетцы,
жыве ўспамінамі, пяшчотай
нязбытных сціплых мар кахання
і ў думках узнаўляе ўпотай
хвіліны першага спаткання.
Таму ў цвіцення час кароткі
заўжды мяне хвалюе штосьці,
і для мяне твой пах – салодкі,
як успамін аб маладосці.



норм

норм