Часамі нахлыне сумненне:
Ці ты не ўпустую кіпеў,
Ці знойдзе ў каго разуменне
Твой клопат і праведны гнеў?
А што, калі боль твой дарэмны
I ён не разбудзіць ані
Чужога сумлення,
што дрэмле
У сытай тупой цішыні?
Трывожна,
пакутна
і горка
Агортвае роздум цяжкі.
He цешыць душу адгаворка,
Што час наш і век наш такі.
He веру,
не веру,
не веру,
Што служым выгодзе адной
I свет наш забіты даверху
Маной,
мітуснёй,
балбатнёй.
Што бытам нейлонным закрыты
Далёкі сівы небасхіл
I лыч адарваць ад карыта
Ужо не знаходзіцца сіл,
Шануецца чан, і тапчан свой,
I спрытна адхоплены куш,
I подлай мараллю мяшчанскай
Так многа спустошана душ...
Ёсць хіжыя,
злыя,
дурныя,
Прайдохі,
Дзялкі,
Махляры.
Пляваць ім на буры зямныя.
Іх вабіць зацішак нары.
Ды знаю:
мяне зразумеюць
He тыя, што гучна крычаць,
А тыя, што плакаць умеюць
I горка самотна маўчаць,
Што, з лютасцю сціснуўшы зубы,
Працуюць,
глытаючы пот,
Ратуючы свет наш ад згубы,
He просячы лішніх даброт.
Няхай нават гэткіх і меней —
На чэсны іх суд аддаю
Усе свае сны і сумненні,
Любоў і надзею сваю.
Очень трогательно!!! И очень
Очень трогательно!!!
И очень актуально.