Заманулася і нам, беларусам,
Паказакаваць, пагуляць без прымусу.
Сотнікі і есаулы з ахвотай
Запісалі ў рэестры галоту.
Пагадавалі мы ўсе чубы —
I ўжо кожны казак нібы.
Былі сяляне ніўныя, былі сяляне рольныя,
А цяпер мы — казакі вольныя.
Чым хочам, тым і займаемся:
Хочам, у карчме забаўляемся,
Калі хочам, жнём, калі хочам, косім —
Словам, работы не просім.
А было ж, што не ўгадуем —
з'есць панская з'едзь,
А ты хоць па смерць на голадзе едзь.
Ды вось зноў хочуць зрабіць з нас цягло.
Але не тут-то было,
Бо вольны казак з нас любы —
У нас жа чубы!
А нас б'юць, як і ўсіх, бізунамі,
Здзекуюцца ваяводы над намі!
I з нас, нібы з мужыкоў барадатых,
Патрабуюць падатак.
Тады кожны казак (навошта таіць!)
Крычыць на чым свет стаіць:
— Ты ўважлівей зірні на мяне, душагуб, —
У мяне ж чуб!
А калі прымушаюць ісці на працу —
Казакі ведаюць, як адмаўляцца:
— He хочам вашае ласкі.
У нас свой парадак — наскі.
Мала, што я вам не люб —
У мяне ж чуб!
Зрываецца з губ:
— У мяне чуб!
Хваліцца любы:
— А ў нас чубы!
I тады ваяводы ўсім чыста
Пазразалі чубы ўрачыста.
Думалі, што мы без чубоў
Будзем араць паслухмяна зноў;
Думалі, што мы, лысыя, як раней, будзем сеяць —
Казакі ж без чубоў, маўляў, казакаваць не ўмеюць.
Але мы дакладна і пэўна,
Самі бясчубыя, падпускалі чырвоных чубатых
пеўняў
Пад стрэхі панскія вечныя...
Бачыце, і без чубоў казакі небяспечныя!