Мне сцежкі гэтыя знаёмы,
Не першы раз па іх іду -
Праз засені лясных харомаў
Да вёскі роднае вядуць.
Усмешкай залатою тоне
Апошні сонечны прамень,
Плыве ў духмянае сутонне
Спакойны вераснёвы дзень.
Шырока грудзі раскрываю
і п'ю азонавы настой.
Зусім на стому забываю.
На сэрцы ж - хмельны супакой.
Павольна крочу, разглядаю
Сасонак стройныя рады,
Што, як калоны, уздымаюць
Зялёна-сіні дах, як дым.
А ў памяць выплыла паляна,
Пясочак белы і пусты -
Калісь жылі тут Палуяны
і мелі горкі хлеб браты.
Яны пакінулі тут гора
Яшчэ ў трыццатыя гады.
З тых дат мінула больш за сорак -
Шуміць сасоннік малады.
Сцяжына збочвае направа.
Прастую на Амелькаў мох,
Яго прарэзала канава -
Цяпер зусім ён перасох.
Гусцее мрок, садзіцца вечар
і больш святлее мой настрой,
Бо вёска блізіцца й сустрэча
З сваімі блізкімі й сятрой.
1978