Цераз кладачку над рэчкай,
у якой зіяе зорка,
а пасля — цвітучай грэчкай
нібы ў вырай мчу з пагорка.
Кліча памяць да высноў —
да святыні, роднай вёскі,
каляровых мар і сноў
у хацінцы ля бярозкі.
Хоць гадочкаў мне нямала,
ды нястомнае вяртанне —
з той, што ўсё не выпадала,
ёсць надзея на спатканне.
Светла вокал, лёгка йдзецца,
гарачэе ў целе кроў.
З сэрца музыкаю льецца
да ўсяго мая любоў.