Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Дарога, вір і амфара

Яшчэ не ацэнена

- Дарога - прыстасаваная для хадзьбы і язды
паласа зямлі, з разметкай і ўказальнымі знакамі,
куды можна рухацца, а куды - не.
- Дарога - гэта частка сушы, абмежаваная адхонамі.
- Дарога - гэта заасфальтаваная частка сушы.

І калі той, хто цікавіўся "што такое ў вашым
разуменьні дарога?" - і нешта растлумачыў,
на тварах апытаных зьявіліся ўсьмешкі.

- Вір - гэта кругавы, лейкападобны рух вады.
- Вір - гэта дзе завіхрэньні.
- Вір - гэта глыбокае месца ў рацэ...

І пачуўшы чарговае тлумачэньне, яны пачалі
сьмяяцца адзін з аднаго, зьлёгку пакручваючы
ўказальнымі пальцамі ля скроні, ледзь вымаўляючы
ад сьмеху: "Завіхрэньні", "Рух вады",
"Глыбокае месца"...

- Амфара - гэта зьмесьціва для стравы.
- Амфара - гэта пасудзіна для захоўваньня
вадкасьцей.
- Амфара - гэта вялікая, высокая пасудзіна
з дзьвюма ручкамі і вузкім горлам...

І яны знаў сьмяяліся ад душы, як малыя дзеці.

А я, спазьніўшыся, засяроджана рыхтаваў
адказы на пытаньні тэсту, чуў іхні рогат
і не разумеў прычыны.

- А зараз, - умяшаўся ініцыятар тэсту, -
яшчэ пацешымся, - і пачаў чытаць мае адказы:
- Дарога - родная сястра сустрэч
і мачаха расстаньняў.
- Вір - гэта апошняе прыстанішча
рэшткаў мінулага.
- Амфара - хавальніца ўсіх ісьцін на
зямлі, бо, як казалі старажытныя грэкі:
"Ісьціна ў віне!"

Ніхто чамусьці не сьмяяўся.
Моўчкі і задуменна яны пачалі разыходзіцца
па сваіх справах...
А я, разгублены, яшчэ не ведаў, што:
Дарога - гэта Жыцьцё,
Вір - Памяць,
Амфара - Каханьне.
16.04.1990