Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1990

Сярэдняя: 4.3 (81 голас)

Багдановіч, ратуй,
Ад знікнення ратуй, ад нямоты.
Пачуццём тым гаручым ратуй,
Праз якое ты быў не самотны.

Багдановіч, даруй,
Што ў цябе мы вучыліся мала —
Мы да Коласа йшлі чарадой,
Нас выводзіў у людзі Купала.

Багдановіч, пачуй,
Як знясіленым лебедзем слова —
Беларускае слова! —
Над магілаю кружыць Стральцова.

Багдановіч, вартуй,
Кожны крок наш і і рух недарэчны...
Хай загадка твая
Застаецца загадкаю вечнай.



Сярэдняя: 4.6 (10 галасоў)

Годзе, браты мае, годзе
Плакацца нам і скуголіць.
Кажуць пра тое ў народзе:
Так мёртвых вязуць у поле.

Уздыміце свае галовы!
Раскрыльце магутныя плечы.
І геній свой шматвяковы –
Як зорнае, спеўнае веча.

Успомніце з гонарам, Хто вы!
Не стэпу асцё-пустазелле.
Вы – дзеці крывіцкае мовы,
Што Бог даў на радасць, вяселле.

Вы – праўнукі Зана, Касцюшкі,
Якое ж вы маеце права
Тапіць у расейскіх піўнушках
Продкаву веліч і славу?

Вы з Божай вялікае ласкі
Найпрыгажэйшыя ў свеце.
Скіньце ж халопскія маскі-
Хай воляю вочы засвецяць.

Годзе ж, браты мае, годзе
Плакаць ад крыўды-нядолі.
Магутным, вялікім, народзе,
Станеш ў змаганні за Волю.



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

ДА БЕЛАРУСІ

Якою зелкай прываражыла,
Якой замовай, любоў мая?
Хай на прыветнай ці злой чужыне
Адно табою жывая я.

На Беларусі туманы сцелюць
Сівыя раніцы па лагах,
На беларусі мае надзеі,
Па Беларусі -- мая туга.

Як вышыня – галаву ўскружыла
І захлынула, як глыбіня.
Якою зёлкай прываражыла,
Якой замовай, любоў мая?

На Беларусі святыя кросны
Ткуць жыццяў лёсы і лічаць дні,
На Беларусі мае ўсе вёсны,
Аб Беларусі мае ўсе сны.

Як вышыня – галаву ўскружыла
І захлынула – як глыбіня.
Хай на прыветнай ці злой чужыне
Адно табою жывая я.

На Беларусі свет-зараніцы
Нясуць у неба званы журбы.
На Беларусі мае бажніцы,
Аб Беларусі мае мальбы.



Яшчэ не ацэнена

- Дарога - прыстасаваная для хадзьбы і язды
паласа зямлі, з разметкай і ўказальнымі знакамі,
куды можна рухацца, а куды - не.
- Дарога - гэта частка сушы, абмежаваная адхонамі.
- Дарога - гэта заасфальтаваная частка сушы.

І калі той, хто цікавіўся "што такое ў вашым
разуменьні дарога?" - і нешта растлумачыў,
на тварах апытаных зьявіліся ўсьмешкі.

- Вір - гэта кругавы, лейкападобны рух вады.
- Вір - гэта дзе завіхрэньні.
- Вір - гэта глыбокае месца ў рацэ...

І пачуўшы чарговае тлумачэньне, яны пачалі
сьмяяцца адзін з аднаго, зьлёгку пакручваючы
ўказальнымі пальцамі ля скроні, ледзь вымаўляючы
ад сьмеху: "Завіхрэньні", "Рух вады",
"Глыбокае месца"...

- Амфара - гэта зьмесьціва для стравы.
- Амфара - гэта пасудзіна для захоўваньня
вадкасьцей.
- Амфара - гэта вялікая, высокая пасудзіна
з дзьвюма ручкамі і вузкім горлам...

І яны знаў сьмяяліся ад душы, як малыя дзеці.

А я, спазьніўшыся, засяроджана рыхтаваў
адказы на пытаньні тэсту, чуў іхні рогат
і не разумеў прычыны.

- А зараз, - умяшаўся ініцыятар тэсту, -
яшчэ пацешымся, - і пачаў чытаць мае адказы:
- Дарога - родная сястра сустрэч
і мачаха расстаньняў.
- Вір - гэта апошняе прыстанішча
рэшткаў мінулага.
- Амфара - хавальніца ўсіх ісьцін на
зямлі, бо, як казалі старажытныя грэкі:
"Ісьціна ў віне!"

Ніхто чамусьці не сьмяяўся.
Моўчкі і задуменна яны пачалі разыходзіцца
па сваіх справах...
А я, разгублены, яшчэ не ведаў, што:
Дарога - гэта Жыцьцё,
Вір - Памяць,
Амфара - Каханьне.
16.04.1990