Я Вашы пальчыкi цалую,
Дыханнем лёгкiм саграваю,
Шкадую Вас – нiбы малую,
Калi ў гасцях у Вас бываю.
Жыночай Вашай прыгажосцю
Збянтэжаны i акрылёны,
Вiхурай спелай маладосцi,
Як песняй-казкай, паланёны.
Калi падоўгу Вас не бачу,
Я не знаходжу сабе месца.
Мо ля кастра такой удачы
Нам разам суджана сагрэцца?..
Але не знаю – лёс цi можа
Падараваць крыху нам шчасця?..
Даруйце мне, што патрывожыў,
i за ад’езд мой – выбачайце.