На мурожнай жнівеньскай атаве –
Жоўты ліст, як сцёртая манета.
Напамін, што восень неўзабаве
Згорне цеплыню ў свае загнеты.
А пакуль, нібыта сон наяве,
І вясёлка – добрая прыкмета…
Як патрапіў твой дзявочы травень
У маё дажынкавае лета?
Страціў я ніты – вузлы і навіць
Лёсу пазаблытвалі сюжэты.
Чарнавік жыццёвы цяжка правіць.
Пазнавата мне збіраць букеты.
Я раней і песняй мог забавіць –
Зараз спеў зрываецца ў фальцэты.
Марыў я радком каханне ўславіць –
Не хапае слоў, адны тандэты.
Навальніцы восеньская навісь…
Не памогуць лепшыя санеты
Срэбрам сівізны маёй аправіць
Дыямент, што ахвяруеш мне ты.
Мы ў жыцці нічога не паправім.
Час нібы імглівая камета…
Як запозна мне сустрэўся травень,
І як рана скончылася лета!..
2001