А.Каско
Спавіў зямлю – не сёння і не ўчора, –
зямлю даўно запаланіў туман.
Са Шляху Млечнага самаахвярна зоры
зрываюцца...
Але святла – няма.
Заглушана, зацемрана былое,
прыціснута – не ўзняць і галавы.
Ды стаў празорца ўжо за аналоем,
вадой святою кропіць паплавы...
І з-па-над Нёмна, з-па-над Шчары коні –
Успененыя – ратнікаў нясуць.
Як спадчыну, мазольныя далоні
трымаюць дзіду, вострую касу.
Шалёны скач...
А насустрэчу:
“Хто вы!?”
Ў тумане сотні – Я,
і сотні – ТЫ!
Суровы гімн вызвоньваюць падковы,
расу-слязу збіваюць капыты.