На дрыготкіх вазах рыпелі мы.
У ракеты запрэглі час.
Колы лёгкія і прапелеры,
Нібы лёкаі носяць нас.
Даль праз шыбы машын намацваем
Мы, ад хуткасці жмурачы зрок.
Ногі жаласнымі ўтрыманцамі
Просяць: дайце ступіць хоць крок...
Хіба годнасць сваю раняеце
ТЫм, што пешшу ў жыццё пайшлі?
Я не ведаю, з чым зраўняеце
Радасць дотыку да зямлі.
Басанож-- па мурожнай ваколіцы,
Дзе нядаўна гуляла каса,
Дзе гаючымі голкамі колецца,
Пранікаючы ў сэрца, раса.
На загоне нагамі боўтай
Па-грачынаму спакваля
У раллі, як у чорных ботах,
У якія абула зямля.
Кожны бачыць, усё высокае,
Што да сонца з зямлі паўстае,
Гадавана глыбіннымі сокамі,
Галубінаю ласкай яе.
Не хачу я спрачацца з крыламі,
Што за воблакі нас узнялі,
Але ведаю -- страцім сілу мы,
Адарваўшыся ад зямлі.
Нездарма, калі мы, яе родзічы,
Адлятаем, яна ў журбе
Нас, па-матчынаму праводзячы,
Так прыцягвает да сябе.
Я люблю падарожжы далёкія,
Я адведзіны неба люблю.
Ды ўздыхаю заўжды з палёгкаю,
Зноў ступаючы на зямлю.