Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Пятрусь Макаль

Нарадзіўся 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне ў сялянскай сям'і. У 1946 годзе разам з маці пераехаў у Гродзенскую вобласць, дзе скончыў сямігодку. У 1947 паступіў у Гродзенскі будаўнічы тэхнікум, але правучыўся 2 гады. Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута (1953) працаваў у абласной газеце «Гродзенская праўда». У 1957 — 1978 гг. працаваў рэдактарам аддзела культуры і навукі часопіса «Маладосць», закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Некаторы час быў рэдактарам репертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР, памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, літаратурным кансультантам СП БССР. З 1978 - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

З першымі вершамі ў друку выступіў у 1949 годзе (газета «Гродзенская праўда»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы стол» (1964), «Акно» (1967), «Вершы» (выбранае, 1968), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Заручыны» (выбранае, 1979), «Смак яблыка» (1981), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987) «Азбука любві» (1989), «Лагода» (1992), «Твар і душа» (1995). Для дзяцей выдаў кніжкі «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (вершы, паэмы, казкі, 1983), «Чарадзейная скарбонка» (вершы, казкі, загадкі, 1987), «Я гатую абед» (паэма, 1989). У 1982 выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах. Творы П. Макаля перакладзеныя на англійскую, нямецкую, іспанскую, польскую і інш. мовы.

У суаўтарстве з А. Вольскім напісаў п'есы «За лясамі дрымучымі» (1959, 1961, пастаўлена ў 1958) і «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1963). Аўтар п'ес «Адчыніце, казляняткі!» (1972, пастаўлена ў 1970), «Дай вады, калодзеж!» (1974, пастаўлена ў 1971), «На ўсіх адна бяда» (1977, пастаўлена ў 1976), усе яны напісаны ў вершах паводле фальклорных матываў і ставіліся Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача і іншымі тэатрамі краіны. Таксама аўтар лібрэта араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» (музыка Я. Глебава, 1974).

Займаўся перакладамі са славянскіх моў. Пераклаў зборнік сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976), зборнік вершаў М. Валека «Крылы» (1978), А. Шасцінскага «Помню і люблю» (1978) і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова 1980 года за зборнік «Поле» (1978) і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы 1984 года за кнігу паэзіі «Смак яблыка» (1981).

makal.jpg


Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

He разменьвацца, не разменьвацца,
He развязваць душы перавясла.
А штодзённым святлом выпраменьвацца,
Пакуль сонца ў табе не згасла.

Доля — складчына, а не спадчына.
Ах, ці дойдзе вечнасці позва?
I аб тым, што злачынна страчана,
Пашкадуеш калі запозна.

Крону сокам глыбінным пояць
Карані, што нябачны воку.
I не заклік, а шчырую споведзь
Ціха шэпча ліства навокал.

Мусіш ношу сваю данесці —
He паддайся ж на зман спакусы
Траціць порах увесь, каб адвесці
Драбнаты камарыныя ўкусы.

Хай зайздроснік ізноў надзімаецца,
Завірухаю злосці хукае,
Дрэва долі тваёй утрымаецца,
Ціха ў шыбу нашчадку пастукае.



Яшчэ не ацэнена

Ціха цэлячыся ва ўпор,
На мяне замахнуўся тапор.
Ах, як бліснула вастрыё!
I затахкала сэрца маё
Ад шчымлівага пачуцця:
Чым я буду пасля жыцця?

Як былінныя продкі калісь,
Бачны людзям займу я пост —
Карабельнаю мачтай увысь
Уздымуся на поўны рост?

Ці падлогаю пры сцяне
Пасцялюся ў шчаслівы час,
Каб штодня шліфаваў мяне
Гаспадарскі цяжкі абцас?

А магчыма, на стол лістом
Лягу я перад думным пяром —
I народзіцца мудрасці том —
Дзён былых і наступных паром?

I, пакуль у бары дрывасек
Уздымае тапор круты,
Буду жыць я другі свой век!..
Дрэва думае так... А ты?



Яшчэ не ацэнена

З травінкай любой размаўляў ён без слоў,
Блукаючы ў джунглях аеру.
Віталі вар’ята кіўкамі галоў
Гарлачыкі ў белых самбрэра.

А полем узбоч без дарогі ішлі
У касках гарбатых салдаты.
І следам за імі – да сонца з зямлі –
Узносіўся пыл ружаваты.

Наўсцяж прасавалі яны збажыну –
Пад ботамі гнулася сцежка.
- Куды вы? –
Спытаўся вар’ят.
- На вайну!
Хіба ты не бачыш даўбешка?!

Галодны крумкач на высокай сасне,
За войскам, цікуючы, кракаў…
- А што вам салдаты, рабіць на вайне? –
Вар’ят непакоіў ваякаў.

Тапырачыся, нібы напаказ,
Штыкі палымнелі пад сонцам.
- Паліць!..
- І расстрэльваць!..
- І нішчыць!.. –
Адказ
Каціўся над строем бясконцым.

- Навошта? –
Не здолеўшы ўцяміць, відаць,
Ускрыкнуў вар’ят анямела.
- Каб зноў нараджаць!
- Каб зноў будаваць! –
Вясёлае войска грымела.

Гула ад абцасаў зямля, нібы звон,
Губляючы водгулле ў жыце.
І кінуў ваякам вар’ят наўздагон:
- Дык хто з нас вар’ят адкажыце?

“Акно” (1965-1967)