Кусты серабрацца ў расінках,
І цягне з ракі прахалодай.
Іду я знаёмай сцяжынкай,
Увечар,прад сонца заходам.
Іду.Прыбярэжныя дрэвы
Выходзяць насустрач з паклонам,
Вітаюць птушыныя спевы,
Мне сцелюцца травы кілімам зялёным.
Я зараз у добрым настроі,
І думка узнёсла лунае,
Сябе на мажор я настроіў,
Мінорнасць мяне не кранае.
Іду,паспяшаю імкліва,
Іду да яе на спатканне,
І сёння я самы шчаслівы:
Іду я насустрач каханню.
Спеў птушак няхай не змаўкае,
Пяюць хай душэўныя струны!
А радасць на сэрцы – такая!..
Я зноў улюбёны і юны!