Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Дума пра галаву

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Вядома, як двойчы два,
Каму найболей шанцуе...
Галоўнае —
Галава,
Калі галава працуе.
Яна зарука зарук
(Бога самога дарунак!),
Што рухі тваіх рук
Маюць надзейны кірунак.
Хоць чуешся каралём,
Седзячы за рулём,
Можаш у бездань выбыць,
Калі галава схібіць.
Дасюль нам баліць нездарма,
Што цяжка гняло часамі,
Калі галава — сама,
А рукі і ногі — самі...
Ці ж у людскіх галоў
Важнейшай няма турботы,
Чым больш як мага галоў
Забіць у чужыя вароты?
Расці, як трава, дзятва,
Але не здраджвай, памяць.
Галоўнае —
Галава,
Калі галава цяміць.
Мы страху казалі «далоў»,
Калі нас агнём малацілі.
Цаною сваіх галоў
За незалежнасць плацілі.
He ўсё з дапамогай рыўка
Мы сёння адолець у стане:
Куды не сягне рука,
Туды галава дастане.
Зведалі мы наяву:
Тыя, што карануюць
Садовую галаву,
Надзею сваю руйнуюць.
He ўзвысімся ты і я
Ад пыхі безгаловай.
Якая, скажыце, сям'я,
Што з галавой яловай?
З малатабойца, з шаўца,
З майстра ламаць дровы
Дзяржаўнага мудраца
He зробяць ні вусы, ні бровы.
Мы ўзносілі з роду ў род
Розум вярхоўнай асобы, —
Дык выбірай жа, народ,
Сабе галаву даспадобы!
Грукае кроў у скронь —
Пра вечнае памяркую
Я, кладучы на далонь
Сваю галаву цяжкую...