Два ўзгоркі вёсачка мая
Галоўнейшымі лічыць:
Пагост магільны і маяк —
Прыцэл картаграфічны.
Стаяць упоручкі яны:
Адзін — прагрэсу база,
Другі — як сведка даўніны,
Загадка без адказу.
Як запытальнікі стаяць:
Парогаў невядомых
I адкрыцця... Не раз’яднаць,
Не зблізіць іх нікому...
Дзве кропкі побач. З вышыні
Іх сціплай — на паўсвету
Відно. Адно не праміні
Сцяжынку ў жыце светлым.
Яна выводзіць, нібы лёс,
Ці, як жыццё, — на грэбень,
Адкуль зямлі пакутны плёс
Цячэ-ліецца ў неба...
I бачыш сэнс усіх дарог,
Усіх удач нязбытных:
Яго данёс, яго збярог
Вось гэты колас жытні...
Стаіш у поля на віду,
А ўзбоч — крыжы, як люстры:
Ці не пускаюць, ці ідуць
З абдымкамі насустрач?..