В неизбежном предчувствии горя,
В ожиданье осенних минут
Кратковременной радости море
Окружало любовников тут.
М. Забалоцкі, «Апошняе каханне»
Мінулым вечарам мароз
У небе, скрозь безжураўліным,
Засыпаў густа нафталінам
Лісцё, апалае з бяроз.
За імі, быццам знак бяды –
Такі ж жахлівы і бясконцы,
Як негатыў на фотаплёнцы,
Паўсталі змрочныя клады
З зачараваннем ведаўскім,
Як дэкарацыя на сцэне.
Па ёй маркотна двое сценяў
Брылі, нябачныя нікім.
Што памінальная куцця,
Быў снег крупчастым, нетрывалым.
Губляўся дзень за перавалам
Крутым куртатага жыцця.
I нешта мілае было
Ў абліччы гэтай пары ціхай.
Так бусел змучаны з бусліхай
Ўставалі поруч на крыло
Ўдваіх, апісваючы круг,
Як пераплеценыя здані
Над безданню нешанцавання,
Звязаўшы вузел кволых рук.
Пад бок іх тузалі вятры,
Пурга кульбаку вырывала,
Рука жанчыны сагравала
Руку мужчынскую знутры.