Дыета
Рашыў я скінуць колькі кілаграмаў,
Бо цяжка стала мне сябе насіць.
Увечары наліў сабе сто грамаў,
(Рашэнне добрае прыемна арасіць).
А зранку я усеўся на дыету,
Бо з мяса была толькі каўбаса.
Яе пасмажыць папрасіў кабету,
Далей пайшла крывая паласа.
Хвілін праз сорак захацеў паесці,
А мяса ўжо ў запасе не было.
Хоць плач ты, хоць ляці да цесця,
Бо ўнутры ўсе кішачкі звяло.
Тады знайшоў я жончыны закаткі
І злопаў цэлы слоік агуркоў.
Дзён пяць дыетаваў, мае вы браткі,
З’еў толькі мех чырвоных буракоў.
Дыеты тады ўбок усе адкінуў,
Бо шкоды яны болей прынясуць.
Ды й розум мой мяне ‘шчэ не пакінуў –
Стамлюся, дык унукі паднясуць.