Дзе гальлё бурштынавых хваінаў
Плыўка зыбае ў далонях небасхіл
З рытму мернага зьбіваюцца гадзіны,
Компас не знаходзіць палюсы.
Нібы ўзяўшы чуйнасьць у пазыку,
Я ступаю сьцежкаю, якой
Скрозь стагодзьдзі насьцярожана ласіха
З гадаванцам йдзе на вадапой.
Ахінуты гольчастым скляпеньнем
Растаю ў сутоньні пакрысе –
Сэрца аціхае па ўтрапеньні
І амшарыны няўзнак скрадаюць сьлед.
Шнурам Арыядны павуціньне
Абвівае на зваротны шлях крысо.
Рву яго, застаючыся ў лябірынце
Валадарства станістых лясоў.
І натхнёны пугачовым сьмехам
Сівы Пан мяне дабраславіць,
Каб зрабіўся водгаласам рэха
У сакральным нерушы жыцьці.