Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Дзеля маладзеля?

Яшчэ не ацэнена

* * *

Дзеля маладзеля?
Дзеля дабрадзеля
Мама доню біла
Вербнаю нядзеляй.

Біла-незабіла.
Біла-галубіла:
– Доля мая, доня,
Што ж ты нарабіла?!
Што ж ты налюбіла?!
Надта ж гонар маеш!
Кінь цану заламваць –
Ручкі заламаеш!
І калі ўжо гэта
Ты паспагаднееш?
Гэтакі хлапчына –
Сэрца лагаднее!
Хутка у вучоных
Будзе чалавеча!
Бачыш,
дом і сад ёй –
Дробяззю… авечай!
Бач яе шчасліўку,
Бач яе ты здобу!
Галава лясная
Больш ёй даспадобы!
Пры яго паглядзе,
Пры яго пасадзе
Будзеш есці шышкі
У яловым садзе!

– Ой, не бі, матуля,
Я ж тваё націнне!
Нібы пад дзяжою,
Мне ў яго даміне!
Хай і да вучоных
Ён сабе пралезе,
Зябка мне ў ягоным
Яблыневым лесе!

Дзеля маладзеля?
Дзеля дабрадзеля
Мама доню біла
Вербнаю нядзеляй.