Дзень адышоў.
Спакойны і звычайны.
Яшчэ адзін. Нічым ён не здзівіў.
Прывычна адпішчаў уранку чайнік.
І дождж самотна слёзы свае ліў.
Дзень адышоў.
Не пазваніла блізкім.
І ні радка ў нататнік не лягло.
Здароўе зноўку турбавала ціскам.
Крыху трывожна на душы было.
А дзень не пажадаў мне
”Добрай ночы!”
Пашлёпаў напрасткі. У небыццё.
Адбіў гадзіннік. Змружваюцца вочы.
…На цэлы дзень паменшала жыццё!