Дзень Перамогі
Да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
Парад глядзеў – і моўчкі
слязу дзед выціраў.
Ізноў Дзень Перамогі
святкуе ветэран.
Тых, хто фашыста выпер,
няшмат ідзе ў страі.
Нясуць вайскоўцы вымпел
за Ліды гераізм.
У шэсці – крэпасць Брэста,
паходны лазарэт…
Праносяць за партрэтам
з пашанаю партрэт.
Шумелі дрэвы-сведкі,
стары слязу раняў,
і засцілалі кветкі
адхоны кургана.
Пяюць хор ветэранаў
і Шкленнік Славамір.
Матыў “Кацюш”, “Смуглянак”
ніколькі не стаміў.
Чырвоны і зялёны
дым, лётчык, выпускай –
і твой манеўр каронны
ўпрыгожыцца няхай!
Магчымасць бачыць мае,
хто радасць здабываў:
агнямі неба мая
салют расфарбаваў.
Салют глядзеў – і моўчкі
слязу дзед выціраў.
Ізноў Дзень Перамогі
пабачыў ветэран.