Дзень засмажыўся на патэльні
тратуара і мітусні.
Мы згубіліся, бы ў пустэльні,
у сыпучых пясках хлусні.
Гэты горад не хоча бачыць
свой адбітак у люстры дзён:
ён даўно адышоў, няйначай,
у гарачкавы доўгі сон.
Рассыпаецца ўсіх адценняў
па паліцах пустых вітрын
нечых жорсткіх вачэй каменне –
светлафораў цьмяны бурштын.
І здаецца: яшчэ хвіліна –
і, паводле пэўных прыкмет,
сам рассыплецца на цагліны
гэты стомлены, пыльны свет.
Лопнуць вены ягоных вулак…
От, хутчэй бы ўжо. А хаця
ён зусім не благі прытулак.
У прыватнасці, ад жыцця.
19–21 лістапада 1993