Дзве рукі, што дзве ракі,
Так пяшчотна абдымаюць,
Быццам бы ў дзіця ўпадаюць,
Як у мора, напрасткі.
Нахіленне галавы
Над з’яўленнем немаўляці,
Што раднёй сунічнай лаце
Ў складках яркай сінявы.
Спаганяе вінаград
Прагным позіркам пакутнік.
Два айвовых зрэзу – лютні
Залатых анёлянят.
Золкі досвітак дваіх
Неразлучаных знаходзіць,
Вінаград яшчэ не бродзіць
Воцатам ля губ тваіх.
– Жывапісец, мо ты Бог?
Не адымеш вінаграду? –
I з крыжа сплывае ядам
Абнадзеены спалох.