Знаёмая сцяжынка рада ўбачыць, –
Віляючы хвастом, мяне вядзе, –
Дзе некалі заўзята я рыбачыў –
Вудзільнам пасвіў воблакі ў вадзе.
Мяне пазнаўшы, ўсплёснула рукамі,
Як маці, ціха ўсхліпнула яна,
Рака майго дзяцінства сустракае,
Зноў туліць да грудзей мяне Дзвіна!
А як было тут хораша з каханай
Зхмялелым без віна аж да відна!
Спявала, як малым, нам калыханку
Рака, што ёсць у кожнага адна.
Мяне пазнаўшы, ўсплёснула рукамі,
Як маці, ціха ўсхліпнула яна,
Рака майго юнацтва сустракае
Зноў горне да грудзей мяне Дзвіна!
Здаецца, што, як некалі, плытамі
Сплываюць па рацэ мае гады.
Ды сцежачка знаёмая вяртае
Ў дзяцінства і ў юнацтва зноў сюды.
Мяне пазнаўшы, ўсплёснула рукамі,
Як маці, ціха ўсхліпнула яна.
Дай Божа, каб так гожа сустракала
I ў старасці калісь мяне Дзвіна...