Пажоўкла лісце. Восеньская слота.
Трывога ў сэрцы, быццам назаўжды.
На шыбах дождж. Маркота. Адзінота…
Але прыйшлі Змітроўскія Дзяды.
Дзяды прыйшлі. Хадзем і мы з табою
На могілкі, дзе продкі нашы спяць,
Каб светлаю, празрыстаю журбою
Праз смерць жыццё ізноў ушанаваць.
У вечнасці Сусвету – так адвеку –
Прадвызначаны час кароткі нам;
А памяць – дапамога чалавеку,
Працяг жыцця і спадчына сынам.
Мы ўсе пакінем гэты свет калісьці.
Згарае час у восеньскім агні,
Але не трэба сумаваць пра лісце.
Галоўнае – жывыя карані!
Злятае век аджыўшая лістота,
Яна стварае коўдру для зямлі.
Бяроза, як разумная істота,
Стрымае кроплі-слёзы на галлі.
І мы не будзем доўга ля магілы –
Жыццё ідзе сваёю чарадой.
Хадзем дамоў: жывым патрэбны сілы
І свет залішне засланяць жальбой.
А дома да вячэры ўсё гатова.
Глынём кілішак і нальём Дзядам,
І памаўчым – паслухаем іх Слова.
Яны напэўна нешта скажуць нам…
Дрыжыць за шыбай месячык двурожны
У прадчуванні сцюж і халадоў…
Каб зладзіць лёс, павінен ведаць кожны,
Навошта і адкуль на свет прыйшоў!
1998