Дзякуй Богу, яшчэ год мы пражылі.
І мне верыцца, што ўсё ж паразумнелі.
Зразумелі, што на роднае зямлі
Не забыліся бацькоў, не анямелі.
Роднай мовай моліцца душа,
Родным словам сэрца прамаўляе.
А чужое слова, як іржа,
І народ, і памяць раз’ядае.
А без мовы проста быдла мы,
Проста племя здраднікаў і хціўцаў,
Што ў палоне чаркі і маны,
Нібы статак дзікіх палахліўцаў.
Не давайце сэрцу заржавець!
Размякчайце вусны родным словам!
Беларусі – моваю квітнець.
Беларусу – быць душой здаровым!