З глыбінь,
як лава з кратэра,
вырвецца распад.
Экс-
перы-
мен-
та-
та-
ры
не ідуць назад.
Азонам вее ў зале,
ды лілавее шкло.
Святло,
што вызвалялі,
ім сэрцы апякло.
Учора за гарамі,
цяпер выразна,
тут...
Лаві, кардыяграма,
узмахі амплітуд!
Агні,
дажджы
і здані
вандруюць за сцяной.
Мы плацім за пазнанне
нязнанаю цаной.
А маладому
сняцца
усмешкі і руччы...
Адчайна мітусяцца
спакойныя ўрачы.
Загінем — не загінем,
бадай, не ў гэтым сэнс...
Работу,
што пакінем,
наступны данясе.
Такое наша шчасце.
калі далёкі
хтось
праз многа-многа часу
нягучна скажа: ёсць!
...Прыпаў
да занавескі
знясілены
прамень,
акамянела
вестка...
……………..
Жыве эксперымент!
Жыве вечна!
Жыве вечна!