Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

ЭЛЕГIЯ МАКСIМУ БАГДАНОВIЧУ

Сярэдняя: 4.1 (7 галасоў)

Хіба ў свеце калісьці была любата?
Тая, што без вынятка – і толькі,
Акрывалася ўстрыманым імем Хрыста
Без сумневу, карысці і толку.
Устаялася ўжо павятовая глуш,
Ля штыкетаў цвіла біручына,
Прымінаючы выцерты коўдравы плюш,
Знемагала ў чаканні дзяўчына.

Ці то «Нашае нівы» памяты лісток,
Ці то сум дэкадэнцкі і, нават,
Далятае з-за поля гняўлівы свісток
Паравознага баса-актавы.
I чамусьці карціць безупынна руцэ
Ў падарожныя ўставіць запіскі:
«Назаўсёды бывай, Яраслаўскі ліцэй,
Пестуны, сябрукі, гімназісткі!»

Захад сонца, спалоханы выгук савы,
Сад у прыцемку, надаўбень косы,
Ды абвітыя кольцам наўкол галавы
Залаціста-янтарныя косы.
Успамін пра каханне цяжэйшы ўдвайне –
Так на глыбу грувасцяцца глыбы;
На замшэлай, счарнелай, з бярвення сцяне
Адліваюць вясёлкаю шыбы.

I на год узбіраецца сёлетні год,
Быццам па шчупаковым казанні!
Мо ў Казань уцячы ад юнацкіх нягод?
Ды каму ты патрэбны ў Казані,
Бо раптоўна душу засушыў сухадол?
Як пазбавіцца той закабуні?
Адшумеў паміж дрэў веранічын падол –
Так заканчваў аповеды Бунін.

Мусіць, час надышоў, каб на памяць дзяўбці
Дзён мінулых і прагных прыкметы:
Гэта бэз адзічэлы ў апалым лісці,
Гэта гронкі чаромхі, і гэта –
У глухім закавулку, дзе ціша вакол,
Узлятае да згубленых зорак
Закарэлы, патрэсканы ліпавы ствол,
На якім распісаўся сцізорык.

Застаецца нарэшце адправіцца ў Крым,
Каб сухотам адчайна даць рады.
Ты навошта сумуеш сабе, пілігрым?
Без патрэбы малітвы, абрады...
Што маліцца? Мо лепей накрэмзаць пісьмо –
Не забыць толькі марку наклеіць! –
I тады яно дойдзе да Бога само
Пакаяннем аб цёмных алеях.