Калі ў канцлагеры закончыцца вячэра,
Аціхне бразгатанне кацялкоў,
Яны спяшаюцца ў зацемненае месца,
I кожны нешта пад крысом нясе:
— Еш!
Адзін — баланду, злітую ў бутэльку:
Як бы самога ўсцешыла яна!..
Другі — акрайчык, што дзяўбе ў далоні...
Спакуса яго несці пад крысом!..
— Еш!
Знябытыя, зняможаныя вязні
Нясуць свае галодныя пайкі...
Як доўжыцца кароткая дарога —
Хутчэй, хутчэй бы ўсё яму аддаць!
— Еш!
А калі есць ён — прагна, хапатліва,
I чмякае (наглядчык бы не ўчуў!),
Як ласкавеюць земляныя твары:
Аж радасць загараецца ў вачах.
— Еш!
— Еш, дарагі наш. Ты — збавіцель,
Адзіная надзея на жыццё.
Ён чмякае... I мускулы мацнеюць...
Круглее твар... Ён чмякае гучней...
— Еш!
Як радасна — ужо рукі ягонай
Ніхто не зможа ў лагеры сагнуць!
Паспрабавалі ўдзесяцёх падужаць —
Параскідаў, нібы той бык снапы.
— Еш!
Як здорава, што гэтага абралі!
Як ён сыцее — проста на вачах.
Сыцее ён — бліжэй, бліжэй расплата,
А там і вызваленне, можа быць...
— Еш!
I вязні ўсе пайкі свае і сілу
З надзеяй аддаюць яму штодзень,
Каб ён стаў моцным, каб ён мог падужаць
Наглядчыка, што здзекуецца, кат.
— Еш!
Еш... Вязні не маглі нават падумаць,
Што той, хто пайкі іхнія жарэ, —
He сябра ім. Ён здраднік, здраднік, здраднік,
Якога сам наглядчык падаслаў...
— Падавіся!