Выпадковых шураў-мураў
Я баюся, як агню.
Толькі неяк, быццам здуру,
Я падсела на гульню.
Фліртаваць не ўмела зроду.
Бог мне гэтага не даў.
Ці то з неба, ці то з броду
Флірчы д’ябла мне прыслаў.
Віртуальных кавалераў,
Як тых блохаў у сабак.
Іх імёнаў ( вось халера!)
Не запомніць мне ніяк.
Падміргнуць камусьці трэба,
А другому – даць адказ.
Калі зорак на ўсё неба,
Падарункі ў самы раз.
Патрабуе той кахання,
Той гатоў са мной дружыць.
Думу думала да рання
З кавалерамі як быць.
Фліртавала можа з тыдзень,
Не было калі ляжаць.
Пасяліўся ў хаце злыдзень,
Шчасце стаў маё скрадаць.
Замаркоціўся сабака,
Заскуголіў, замарнеў.
А мужык мой, як табака,
Без увагі аж счарнеў.
Злыдзень весела ж рагоча,
Не жадае замаўкаць.
Толькі сэрца не жадае
Шашні новыя шукаць.
Я за злыдня – ды ў карзіну!
Хай жыве там чарцяня!
Лепш у вольную часіну
Зафліртую … з мужам я.