Франтавыя матывы
Да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
Дарогі франтавыя
з баянам дзед прайшоў.
Сядзелі радавыя
тады плячо ў плячо.
У іхнім асяроддзі
іграў і песні пеў –
натхненне, асалоду
салдат ад песні меў.
Пеў ветэран пад Курскам,
пад Кенігсбергам пеў
пра сіненькую хустку,
пра ўсенародны гнеў…
Пра ноч ды пра зямлянку
пеў ветэран байцам,
а потым, спазаранку,
ішоў у бой і сам.
Не расставаўся з песняй
дзед да канца вайны –
да Перамогі весняй,
да радаснай вясны.
Ён на калені моўчкі
баянчык памясціў,
з нагоды Перамогі
наігрываў матыў…
З чахла дзед і сягоння
выцягвае баян,
аб Прусіі Усходняй
успомніць, аб баях.
Матывы франтавыя
наігрывае дзед.
За сценкай вея вые,
мяцеліца мяце.
Мацней баяна гукі
за завірухі шум.
Ігра ўтамляе рукі,
ды саграе душу.
Мацней баян за вею,
за старасць і за сум.
Матывы бранзавеюць,
як помнікі Байцу.