Мы — фрэскі на сцяне сабора.
Раздаўшы колеры вякам,
Глядзім з дапытлівым дакорам
У твары вам, у душы вам.
Мы — фрэскі, бачныя няярка
У дымным мроіве часоў.
I нашы выцвілыя фарбы,
I шэпат вашых галасоў
Яднае зараз прахалода
Ўрачыстых старадаўніх сцен.
Вы чуеце, нібыта зводдаль
Гук нараджаецца, расце?
To абудзілася званіца.
Званоў знямелых языкі
Спрабуюць сонна варушыцца
I ліжуць медныя бакі...
Мы — фрэскі на сцяне трывалай.
За векам перажыўшы век,
Нас мала вельмі выжывала
Ў тваіх абдымках, чалавек.
Нам не патрэбна пакланенне —
Хаця б жаданне зразумець.
I вочы новых пакаленняў
Жыццё прадкажуць нам ці Смерць.