Я помню твае валасы, Эўрыдыка,
і тваё палымянае лона.
Я помню кожны твой крык і
дыханне тваё стамлёнае,
птаха рахманая й дзікая,
німфа мая няўлоўная.
Не помню: ты ёсць, альбо знікла
за роспачным Ахеронам?
Блукацьму ў адчаі начамі,
шукацьму сляпымі ад слёзаў вачамі
твой цень, што рассыпаўся ў прах.
Прыду, аслабелы, ў пустэльню,
гурму звар’яцелую стрэну,
скон стрэну ў шалёных вірах.
І пакоціцца мая галава
праз пяскі да ўзбярэжжа ракі,
па звярыных тропах да ўзбярэжжа ракі.
Паплыве мая галава па рацэ,
здасца мне, што я – немаўлятка,
немаўлятка з розумам старога.
Паплывуць мае песні ўніз па рацэ
і там, дзе заясніцца Вечны Світанак,
я сустрэну цябе, Эўрыдыка.