Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Галерэя тытанаў

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Пралог

Адам з Вікенціем, паэты…
Францішак з полацкага краю…
Я вершаваныя партрэты
тытанаў даўніны ствараю.

Пішу Кірылу, Ефрасінню…
Пішу Тадэвуша ў палоне…
Пішу партрэты – і краіны
ў партрэтах паўстае былое…

Унучка Усяслава
У гонар першай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай

Ад дзеда – князя Усяслава –
яна пераняла духоўнасць.
Жыццё яе – узор яскравы
жыцця, якое кнігі поўняць.

Манаства, полацкай Сафіі
князёўна адчувала блізкасць,
у манастыр пайшла – і кнігі
ў саборы стала перапісваць.

Царкву па ініцыятыве
манахіні пабудавалі,
дзе летапіс пад залатымі
яна напіша купаламі.

У Спаскай летапіс пісаўся…
Крыж вырабляўся майстрам Богшам…
Спраў Ефрасінніных нізацца
Гасподзь каралям дапамог Сам.

Табой, унучка Чарадзея,
тваёю справай ганаруся!
Ты пачынаеш галерэю
асветнікаў у Беларусі!

Табе, унучка Усяслава,
радкі паэты прысвяцілі!
Тваё жыццё – узор яскравы
жыцця, якое поўняць кнігі!

Епіскап Тураўскі
У гонар “беларускага Іаана Залатавуста” Кірылы Тураўскага

Сярод асветнікаў адметных
сярэднявечнае пары –
залатавусны прапаведнік
залатакупальнай царквы.

Ён адукацыю ад грэкаў
пры княжым атрымаў двары.
Казанняў – цудадзейных лекаў
для душ – нямала ён стварыў.

Трымаў бібліятэку ў вежы
епіскап Тураўскі Кірыл.
Нямала яркіх прытчаў – ежы
для роздуму – Кірыл стварыў.

Эпохі прадстаўнік яскравы
і творца з яркасцю зары,
нямала пропаведзяў – стравы
для сэрца – Тураўскі стварыў.

І прапаведніцтвам займацца
Кірыла наш не праміне.
Натоўпу прытчы красамоўца
чытаў – нібыта звон звінеў.

Так, місіі манахаў медных,
так прапаведаваў, як вы,
залатавусны прапаведнік
залатакупальнай царквы.

Пражская друкарня
Да 500-годдзя з часу выдання Ф. Скарынам Бібліі ў Празе

Няпроста надта – выдаць кнігу:
патрэбны значныя выдаткі,
патрэбна, каб расла паціху
гара з манетак мецэнацкіх.

Станкі, папера – дарагія.
Шрыфты не танныя ды фарбы.
Хто грошы выдзеліць такія,
каб са станком першадрукар быў?

Скарыну мецэнаты Онкаў,
Астрожскі, Бабіч падтрымалі –
і вось, старонку за старонкай,
ствараюць Біблію ў друкарні.

У Празе Біблію друкуюць,
ды не на канфесійнай мове,
не традыцыйную – другую
ствараюць тут для вас, панове.

На беларускай – той, якую
люд паспаліты разумее, –
у Празе Біблію друкуюць
для ўсіх вас, хто чытаць умее.

Пайшлі на пражскую друкарню
нядарма значныя выдаткі,
бо ў кніг гару ператвараюць
гару з манетак мецэнацкіх.

Кіроўца Рэфармацыі
Памяці выдатнага дзеяча беларускай Рэфармацыі Сымона Буднага

Для роздуму чытанне – страва
вялікая, як шар гарбузны.
Працягвае Скарыны справу
ў Нясвіжы рэфарматар Будны.

У хрысціянстве праціскацца
прыйшла часіна плыні новай –
вучыў пісьменнік пратэстантаў,
на шлях рэформаў накіроўваў.

У вузкім пратэстанцкім коле
настаўніка гучала слова.
Урокі ў кальвінісцкай школе –
для “Катэхізіса” аснова.

Друкарні ў Лоску ды ў Заслаўі
жывуць не толькі для эліты –
ствараюць кніжкі, каб спазнаў іх,
таннейшыя, люд паспаліты.

Ствараюць для шырокіх колаў –
не толькі дзеля вузкіх колцаў.
І льецца са старонак голас
іх – Рэфармацыі кіроўцаў.

Расце друкарства ды дужэе,
бы ў агародзе шар гарбузны:
Францішка справу прадаўжае
ў Заслаўі рэфарматар Будны.

Кніга Сімяона
Памяці выдатнага паэта і асветніка XVII ст. Сімяона Полацкага

Клабук, нібы вянок лаўровы,
на творцы з яркасцю ракеты.
У “Вертаград шматкаляровы”
ўвайшлі царкоўныя легенды.

Змест як духоўны, так і свецкі
ў “Шматколернага вертаграда”:
геаграфічныя тут звесткі
і гістарычныя таксама.

На ідэальнага манарха
тут погляды ды анекдоты
(а анекдоты ад манаха
рассмешаць і плаксівых роты!).

“Шматкаляровы” выкрывае
паклёпніцтва, распусту, зайздрасць…
Заган дуброва векавая,
цябе ён агаляе зараз!

Карысная для некаторых
ты, кніжка Сімяона твораў:
мастацкія манаха творы –
“сардэчкі” – выпраўляюць нораў.

Клабук – нібы вянок лаўровы.
Паэт – ярчэй за сонца захад.
У “Вертаград шматкаляровы”
паэзія ўвайшла манаха.

Шынель на піках
Памяці начальніка паўстання 1794 г. Тадэвуша Касцюшкі
10 кастрычніка 1794 г., пасля паражэння паўстанцаў у бітве пад Мацяёвіцамі, Касцюшка быў узяты ў палон.
Касцюшка церпіць паражэнне –
задралі ферзенцы насы.
Паўстанцы гінуць пад ружэйны –
для рускіх пераможны – зык…

Казак пытае: “Ты – Касцюшка?”
Касцюшка шэпча: “Так. Вады…” –
ды думае: “Вады б кадушку –
і смагу праганю тады…”

Кладуць Касцюшку на фурманку.
Фурманку трэсці пачало.
“Пад вухам дошка ў колер маку
афарбаваная – чаго?”

Бо галава аб дошку б’ецца.
Казак: “І вораг – чалавек.
На шынялі на мяккім месца
і тулаву, і галаве”…

На шынялі ляжыць палонны.
Шынель – на піках казакоў.
У небе, восеньскім, халодным,
крык жураўліных касякоў.

Крык жораваў – аб паражэнні –
нібыта душ палеглых крык,
што вылецелі пад ружэйны –
для рускіх пераможны – зык.

Працэс
Памяці выдатнага паэта, аднаго з заснавальнікаў таварыства філаматаў Адама Міцкевіча
Пасля следства па справе філарэтаў Адам Міцкевіч быў высланы ў Расію.
Ты насустрач выгнанніка долі
едзеш, бо філамат, філарэт,
на Расію дарогі раздолле
акрапляеш слязамі, паэт…

Куляй выбегшы з дула карэты
і трымаючы кол у руцэ,
Навасільцаў граміць філарэтаў –
і над імі дубінай працэс.

Разгуляўся сенатар – мяцеліць
прамяністых у сілы ва ўсе.
І сярод ахвяр следства Міцкевіч
пад дубінай у камеру сеў.

І Міцкевіч маўчыць: не з турмою
аб асвеце сялян гутарыць.
У суполцы ягоную ролю
заніжаюць, як могуць, сябры.

“Філарэтаў дубінай асілю!” –
разяўляе сенатар свой рот.
Высылаюць Адама ў Расію.
Высылаюць паэта на ўсход.

Філарэтаў сенатар адолеў.
Прамяністых сенатар разбіў.
На Расію дарогі раздолле
ты слязамі, Адам, акрапіў.

За кратамі
Памяці выдатнага паэта і камедыёграфа XIX ст.
Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
У 1864-1865 гг. Дунін-Марцінкевіч сядзеў у менскай турме.
За кратамі ён панікае.
Як быў бы Марцінкевіч рады,
каб на хвілінку пазнікалі
турма, і камера, і краты!

За кратамі свае малюнкі.
За кратамі свая карціна.
За кратамі – Няміга. Людзі
спяшаюцца па ёй на рынак.

Спяшаюцца адны ў галёшах,
другія – у абутку голым.
А на гары, над рынкам, плошча
з палацам, цэрквамі, касцёлам.

У храмах тых – абедні, месы.
Ля храмаў – лужыны ды лісце.
На плошчы – і тэатр, дзе п’есы
Вінцэнта ставілі калісьці,

дзе Марцінкевіч у спектаклях
іграў, акцёр-камедыёграф.
І перад ім карціна з даляў
жыцця мільгнула метэорам.

Карціна ў памяці мільгнула,
дзе не ў турме ён, а ў тэатры, –
і пазнікалі на мінуту
турма, і камера, і краты.