Студзень студзіць вокны, дзверы
подыхам мяцеліцы.
Завывае люты зверам –
аж дрыжыць аселіца.
Сакавік – з гаючым сокам,
з сонечнаю ласкай.
Красавік... І на узлобках
зацвітаюць краскі.
Луг вітае першатравы.
Травень... Час маёвы.
Чэрвень пчол выводзіць спраўна
на папас мядовы.
Хмеліць пахам размаітым
ліпень – аж нясцерпна.
Жнівень жне шчымліва жыта
месяцовым серпам.
Паліць верасень кастры
сінню верасовай.
З павуціння тчэ кастрычнік
дываны шаўковыя.
Лістапад... І ліст мядзяны –
водсвет зараніцы.
Снежань гоіць беллю раны
змоглае зямліцы.
Чую назвы месяцаў
роднае старонкі...
Колькі ў назвах месціцца –
гаваркіх і звонкіх!