Гэта пры нас Беларусь забівалі,
Гэта пры нас ёй магілу капалі,
Ды аб ратунку яе мы не дбалі,
Мы яе ворагу самі аддалі.
Многія з нас нават катамі сталі,
Разам з прыблудамі білі, тапталі,
Гналі яе, ёй у вочы плявалі.
Мы ж гэта шчасцем яе называлі,
Будучнасць слаўную ёй прадракалі
І пераможныя гімны складалі.
Гэта пры нас Беларусь забівалі.
Гэта пры нас ёй магілу капалі,
Толькі адны мы у гэтым віноўны,
Толькі адным нам і мераю поўнай
Вечнай агіды адмерана будзе,
Бо не падставілі мы свае грудзі,
Каб засланіць імі маці Радзіму.
Гэта бо толькі і ёсць тым адзіным,
Чым здабываюць жыццё і свабоду,
Гонар і славу Айчыне й народу.
Гэта пры нас Беларусь забівалі,
Гэта пры нас ёй магілу капалі.
1976