Як разлагодзіла душу
Мне гэта дрэва!
На гэтым вецці калышу
Сны-неспадзевы.
Упаў на цёплую траву,
Раскінуў рукі.
О, не кружыце галаву
Мне, пахі й гукі!
Мо я не зведаў у жыцці
Уцехаў велькіх.
Пакора, мятлушкай зляці
Мне на павекі.
Хай утаймоўвае душу
Маю, о дрэва,
Твой ціхі шэлест, ціхі шум,
Святла залева.
Я не шукаю ані-ні
У ліставерці
Тваіх гадоў, тваіх планід
Сваё бяссмерце.
Сачу я ценяў лёгкі лёт,
Аблокаў пёркі.
Мой лёс зусім наадварот,
Зусім не горкі.
Яшчэ не позна па жыцці,
Па свеце белым
Зялёным ветразем плысці —
У цвеце спелым.