Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Гімн беларускіх авечак

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Многа звеку мы зазналі
гора, здзерства і слаты,
слёзы крыўды пралівалі,
покуль не з'явіўся Ты.
Ты ў нас аджывіў надзею,
Ты пайшоў у бой за нас —
і адужаў ліхадзеяў.
Наступіў свабоды час.
Ты — галоўны наш баран,
бацька наш, суддзя і пан.
У трыумфах і ў журбе
помнім, Бяша, мы Цябе.

Сцерлі ў попел мы з Табою
прамінулага асцё,
зараз дружнай грамадою
ладзім новае жыццё.
Вока радуюць палеткі,
у дамах цяпло і сыць,
нашы дзеткі нібы кветкі,
сэрца шчасна грукаціць.
Ты — галоўны наш баран,
бацька наш, суддзя і пан.
У трыумфах і ў журбе
верым, Бяша, мы Табе.

Ззяе па-над краем слонка,
лёгка дыхаецца нам,
люба чуць, як песні звонка
раздаюцца тут і сям.
Больш не знойдзецца нікога,
хто б закабаліць нас мог.
Нам зарукай перамогі —
Твой Круты Сталёвы Рог.
Ты — галоўны наш баран,
бацька наш, суддзя і пан.
У трыумфах і ў журбе
любім, Бяша, мы Цябе.