Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Гіпербарэйская лягенда

Сярэдняя: 4.3 (12 галасоў)

ГIПЕРБАРЭЙСКАЯ ЛЕГЕНДА

1

Недзе ў далёкіх гадзінах, што зніклі навечна пад спудам
Сыпкага часу, які скрозь дрыготкія пальцы,
Нібыта супесак дробны, са жмені Стваральнік цярушыць,
Iм замятаючы дзеі і лёс чалавека,
На прыбярэжжы Міжземнага мора, дзе енчаць верблюды
Ў цугах купецкіх; дзе покатам спяць пастаяльцы
Ў цішы заезных дамоў; дзе паветра калхідскія грушы
Духам п’янлівым духмяняць, і нікне павека

Ад усыпляльнае млосці, быў горад у бухце блакітнай –
Галікарнас. Мабыць, назва ягоная цалкам
Знікла б таксама пад супескам гэтым магільным, але ён
Выкупленым з небыцця стаўся плёнам руплівым
Сына свайго Герадота, які да багоў з чалабітнай
Дзевяцітомнай звярнуўся, адзіным кавалкам
Кінуўшы ў прагныя пашчы, што пахлі крывёй і алеем,
Скруткі «Гісторыі»… Богі прыціхлі шчасліва.

Праца ягоная элінам рэкла пра свет Айкумены:
Тут пазбіраныя купна на мяккі пергамент
Дзеі былі пафлагонцаў, сарматаў, дарыйцаў, марэяў
Ды неабсяжнае процьмы варожых народаў.
Кнізе чацвёртай пазычыў пісьменнік імя Мельпамены,
Што да спадобы на Крыце была і ў Пергаме.
Гэтая кніга, між іншым, апісвала гіпербарэяў
Стылем высокім, гімнічным, падобным да оды.

Што за народ жыў на самай на поўначы люднага свету,
Дзе сцеражэ Акіян межы дыска зямнога?
Вестак аб тым аніводны вучоны да нас не дакінуў –
Ну, а чаго ж мы яшчэ прадчувалі ад грэкаў?!
Толькі аднойчы я невадам выняў з глыбінь інтэрнэту
Ці ў забыцці непрытомным пабачыў, нябога,
Племені гэтага, зніклага ўшчэнт, грамавую быліну.
… Альбо ўначы яе філін на вуха прагэкаў.

2

… Падымаўся світанак з-за лесу, мілуючы росы,
Вершаліны сасонніку промнем будзіла зара,
I суніц недаспелых ружова-малочную россып
Акрапляла ападкам хрустальная зернь серабра.

Расчынялася кветкай сланечніка залатапёра,
Падымаючыся дагары, што лянотны рыдван,
Зіхатлівае сонца, і зноў да Кранійскага мора,
Паскідаўшы дрымоту, пабегла Дзвіна-Эрыдан.

У абдымках салодкіх пад бокам Дняпра-Барысфена
Налівалася Прыпяць-Прапетас у мужаў бакал;
Нібы кінуты здраднай дачкою купецкай афеня,
Ад яе Буг-Гіпаніс на захад маркотна ўцякаў.

Зберажоная кольцамі рэк ад агню сухавея
I пустэч, што высушвалі глебу, яе акрамя,
Прачыналася ў песні птушынае Гіпербарэя,
Хоць пакуль і не чула, што носіць такое імя.

Алканост-зімародак на гузе буйнога рагозу
Сумна цінькаў і цешыў надзеяй абшары акруг,
Над якімі дрыжаў трапятліва лістотай бярозы
Ў паднябессі прывольным нябачлівы Сірын-жаўрук.

Ледзьве кракала ў сажалцы тлустая крачка-Канета,
За якой жоўтым вокам з-за груда сачыў кот Баюн.
У кароне алешыны тонкую ноту кларнета
Амялушкавай трэллю цягнуў салавей-Гамаюн.

Фініст-сокал па яснаму небу насіўся пранырай
Ды глядзеў, як па возеру плыў, нібы белы аблок,
Страцім-лебедзь, і з лебедзем побач імкнулася ў вырай
Маладая Жар-птушка – агністы чырвоны вянок.

Захаваўшыся ў папараць, дзікая курыца-Раба
Грэла яйкі ў гняздзе, і яе пільнавала лаза,
А наводдаль пражэрліва на заімшэлых ухабах
Дзеразу ап’яняльную дзерла каза-Дзераза.

Па-над рэчкаю, назву якой пазабыліся людзі,
I якая цякла, выгінаючы ў лук берагі,
З чарамховымі вудамі на замураўленым грудзе,
Каравулячы рыбу, тужліва сядзелі багі.

Плынь марудная ля ясакараў ківалася зыбка,
Толькі з боскага шчасця ад смеху заходзіўся шпак,
Бо не йшла на кручок залатая спадарыня рыбка,
I не торкаў зусім на жыўца чарадзейны шчупак.

Як тлумачыць язычніцтва, боствы ў супольнай сябрыне
Між сабой па-братэрску дзялілі кавалкі зямлі:
На азёрную поўнач падаўся каваль Iльмарынен,
Стрэч да ўсходняга сонца Мардук і Азірыс пайшлі.

Атрымала Японію матухна Аматэрасу,
Безыменнага верхняга бога прывеціў зулус,
Умасціўся, што альфа-самец, на тэрасе Парнаса
Апалон з істэрычным гарэмам гарэзлівых муз.

Ад драпежных стракоз пад каменьчык забіўся ашытак.
I, кіжлайна прылегшы з нуды на шаўковы мурог,
Разгарнуўшы тым самым мясцовай гісторыі сшытак,
Блізнюку Белабогу сказаў хуліган Чарнабог:

3

– Штосьці нам, браце, з табой не шанцуе на свеце:
Ані прыгод, ні свавольстваў на гэтай зямлі;
Сумна жывём, а, між іншым, паўсюль на планеце
Ўсе аднакашнікі нашы занятак знайшлі.

Богі Алімпа ў каманды па двое, па трое
Паразбіваліся і распачалі футбол.
Класна Ахіл увагнаў пад асаджанай Троей
Пяткай з навеса Парыса рашаючы гол!

Брат Белабог праглынуў кілаграм валідолу,
Зрэнкі на доўбню скасіў, бы на пана лакей,
Ды прашаптаў: – Тут ніколі не будзе футбола,
I ў непрытомнасці здохне ганебна хакей.

– Добра! А, можа, тады нам заняцца навукай,
Як скандынавам. У іх ёсць і Одзін, і Тор,
Бо без навукі краіна прабудзе бязрукай,
I ў чарапушцы вятрыска застудзіць прастор.

– Думкі твае панапойваны хмельнаю брагай;
Людзям без розніцы – тор, або шар, або куб.
Колы квадратныя радасна пад калымагай
З песняй прыладзяць, калі загадае інкуб.

– Мусіць, прыдумаць такую гульню кшталту шахмат,
Каб нават Шыва індыйскі ў нікчэмнасць запаў,
Ці чалавека стварыць, як ствараў яго Брахма,
Як Iегова Адама і Еву скляпаў?

– Мне прапанова твая падаецца паршывай,
Вартай смяротнае кары і епітым’і:
Кожная жонка штодня васьмірукаю Шывай
Бесперапынна пакутуе ў кожнай сям’і!

Ты не забудзь, дарагі, што чамусьці з табою
Нам не шанцуе ў жыцці ні на ломаны грош.
Хочам, як лепей, аднак жа, нібы з перапою,
Кожная справа за думку гаротную горш.

Бачыш, не можам злавіць ні ярша, ні аклейку,
Зазубень сцерся аб жвір, і заплеснеў панцак.
Станеш рабіць саксафон – атрымаеш жалейку;
Думаеш, нібы чатланін, а сэрцам – пацак.

Не! Не пад’юджвай! – сказаў Белабог флегматычна. –
Дурасці я не прыму супакою замест,
Бо ад пялюшак мы знаем, што дыялектычна
Ў гэтай зямлі не спалучацца форма і змест.

Але братку Чарнабогу ляйчына папала
Пад дэміургавы хвост, і свайму блізнюку
Ён распавёў пра стварэнне людзей дасканалых
I бескарысныя вуды шпурнуў у раку.

Доўга яго суразмоўца пляваўся, нядбалы,
Доўга плячыма лянотны лайдак паціскаў,
Доўга бурчэў, што на фінішы човен з мачалы
Зноў атрымаецца, а не зусім батыскаф.

Ды Чарнабог быў цвярдзейшы за белага брата,
I прыняліся за працу ў чатыры рукі
Гіпербарэйскія творцы на грудзе пакатым,
Што распасцерся каля безыменнай ракі.

4

У таполевых ночвах камлыгі васковае гліны
Расціралі браты, нібы пекары цеста ў дзяжы,
Дабаўлялі ў яе кінаварныя гронкі каліны;
I трысцё ў сыравіну для жылаў стругалі нажы.

Абліваліся потам, калі тую сумесь мясілі,
Акраплялі вадой, што пазычыў ім нёманскі вір,
Ды прыцемкам даваць храпака адпаўзалі ў бяссіллі
Белабог – у бадзяк, Чарнабог – на раскрышаны жвір.

Птушка Рух ім прынесла з Галконды пасылку з сапфірам,
А з Элады ступілі аднойчы на богаў парог
Знакамітыя скульптары Фідый, Праксіцель і Міран,
Каб правесці разьбярства і лепкі мастацкай урок.

Ажно перлі вучонасць і густ з блізнюкоўскага мозга,
Калі целы ляпілі сваіх паднаглядных істот,
I не трэба таіць, што спачатку пачварамі Босха
Падаваліся тыя ахвяры братэрскіх турбот.

Але ўсё ж паступова багі налаўчыліся ў справе
I цудоўна тварылі людзей з каалінавых глін.
Па чаротавых венах бурліла ў кіпучым расплаве
Пурпуровая кроў з гаркаватага соку калін.

Устаўлялі ў вачніцы сапфіраў нябесныя крошкі,
А каму не хапіла каменняў, таму наўзамен
Афарбоўвалі зрэнкі блакітным настоем валошкі,
Незабудкавым кветнем, падобным на вочы камен.

Iльняное валоссе крушынілі пэндзлікам рысі,
Каб жаўцела яно, нібы пер’е лясной авяльгі,
Iм вяснушкі на твары прыносілі з горнае высі
Самавітыя пчолы з кляновай мядовай пяргі.

Шмат гадоў дэміургі ляпілі людзей без спачыну,
Адчувалі прыемнасць наперад з таго, што дзятва
Адбудуе, палепшыць, аздобіць, падправіць айчыну…
Як, дарэчы, яе назавём?.. А хай будзе Літва!

Перад імі да краю зямлі моцных тулаваў шэраг
Непрытомна ляжаў, нібы ў кошыку процьма ажын,
Так, што тымі цяламі быў аж перапоўнены бераг…
Але штосьці зусім ні адзін чалавек не ажыў.

Белабог з Чарнабогам патыліцы кіпцямі церлі
Ды накручвалі стартэр, каб сэрцы завесці на пульс,
Хто ж прадбачыў, што шлях да жыцця пралягае праз церні,
Быццам да тэлевізара шлях пралягае праз пульт.

На Сінай з тэлеграмай памчаўся слімак апантаны:
«Iегова, памылка, напэўна, ў тваіх чарцяжах,
Бо народу наяве да плеха качэўнік паганы,
I не меней да плеха чамусьці драпежны крыжак.

Так і будзе ён спаць нерухома, што процьмавы неруш?
Так і будзе з павекам смяротным навекі маўчаць?
Можа, трэба па шчоках яго аддубасіць аберуч
Ці апырскаць вадзіцаю з Леты і рэчкі Моўчáдзь?»

У чаканні адказу браты на адхоне паселі
Ды ізноў пачалі неслухмяную рыбу лавіць,
Але ўпарта не йшлі на кручок залатыя фарэлі –
Не кахала чамусьці сіротак тутэйшая выць.

Так сядзелі яны ў адзіноце багата стагоддзяў,
Ад варагаў у грэкі чаргой слізгацелі ладдзі,
А другія ладдзі слізгацелі ад Гом’і да Лодзі,
I ракою змывала бязмежную безліч гадзін.

Раптам глеба затрэслася, як ад змяістай маланкі,
Нібы біў капытом па зямлі вараны аргамак.
З той нагоды ад шчасця браты напіліся слівянкі,
Бо вярнуўся дадому з адказам руплівы слімак.

Трысняговы канверт неслухмянымі пальцамі ўскрылі,
Пераклалі з іўрыта пісьмёнаў чужых каламуць
I спазналі сакрэт, што ім раіў папіруса скрылік:
«Вы душу неўміручую ў грудзі забылі ўдыхнуць!»

5

О, душа! Бесталковы прыдатак для ўсякай істоты!
Замірае, калоціцца, нешта шукае яна,
I патрэбна для свету выключна, каб Iскарыёты
Пацалункам юрлівым яе высысалі да дна.

Белабог з Чарнабогам, абраўшы чатыры стыхіі,
Пачалі паляванне за звёнамі цьмянай душы,
Аб якой аніколі яны не спявалі стыхіры,
Аб якой аніколі ў кумірнях не ладзілі мшы.

З павуціння дрыготкага творцы пашылі падхватнік
Эластычнай ігліцай, якую знайшлі ў сасняку,
За паветрам крылатым ганяліся, нібыта Хатнік
Ненажэрную мыш дапякае на каласніку,

Ледзяным апалонікам полымя з вогнішча кралі
Ды ваду з жабурыннем у рэшаце неслі з ракі,
Каранямі брызгліны настойліва глебу аралі,
Каб зямліцы знайсці на зямлі хоць са жменьку рукі.

I, змяшаўшы ў ліпучую галу ўсе інгрэдыенты,
Раздзяліўшы пароўну на ўсіх акавалкі душы,
Канчаткова спасціглі браты, што яны – канкурэнты
I таму ж Iегове, і тульскаму майстру Ляўшы.

Срэбнай ніткай у грудзі яны тыя галкі ўшывалі,
Як вучыў Iегова: пад рэбры, налева ў нутро,
Але выпала нітка раптоўна ў касцёр, як на жаль, і
Асмалілася чорнаю сажай ушчэнт серабро!

Абудзіліся штучныя людзі, паўсталі на ногі
I авечай атарай кудысьці ўсляпую пайшлі,
У глухіх гушчарах кіпцюрамі капалі бярлогі,
Палінялае лісце для подсцілу грэблі з зямлі,

Уцякалі з выццём ад святла і заплюшчвалі вочы…
Паглядзелі на тое бязладдзе з тугой блізнюкі
Ды ізноў слімака адаслалі… Нябога пакрочыў
Да ракі Iардан з безыменнай, бязглуздай ракі.

I паўторна браты ў адзіноце багата сядзелі,
Ад варагаў у грэкі ляцелі стралой караблі,
А з усхода на захад ішлі, агібаючы мелі,
За марудлівым сонцам гады, нібыта жураўлі.

Дачакаліся ўсё ж слімака са свайго падарожжа
Белабог з Чарнабогам, калі ўжо стаміліся дбаць,
Прачыталі, падраўшы канверт, што гнілую рагожу:
«Вы пісьменныя веды ў галовы забылі надаць!»

6

Што за веды? Навошта патрэбны для нейкае справы?
Ці без іх адшукаць немагчыма дзе пуза, дзе рот?
Дык у капішчах ведам нідзе не служылі адправы,
Бо ў малельнях нязручнымі веды былі для даброт.

Але варта, дык варта! I сталі тады бракаробы
Велічэзнай кувалдай людзям укладаць у мазгі
Змацаванні і клямары, скрэпы, духоўныя скобы,
Паразвешваць папругі, у вушы ўстаўляць рычагі,

Загрузілі ў паўшар’і прыкметы, маленні, сурокі,
Варажбу й гараскопы прыбілі цвікамі да лба,
Тугавухасць глушца, стракатанне бязглуздай сарокі,
Папугайскую муць і чыгунную цвёрдасць раба.

I, адораны ведамі, род чалавечы раптоўна
Ўсім гліняным нутром да глінянага сэрца спасціг
Непрыманне святла, заматаўся ў глухую бавоўну,
Апрануўся ў кажух, засцягнуўся на моцны гаплік.

Свірнавыя замкі ён павесіў на норныя дзверы,
Аканіцы надзейна дубовым бярвеннем забіў
Так, што трусы з зайцамі глядзелі на гэта ў нявер’і,
Так, што аж гнаявік пра каштоўныя гноі забыў.

– Ды чаго ж ім патрэбна? – удвух Белабог з Чарнабогам
Узнімалі малітвы да абагаўлёных сабе. –
Можа, вылечыць іх вызваліцельны рог аднарога,
Альбо выйдуць да свету насустрач сваёй пахвальбе?

Гэй, слімак! Што ты спіш пад капустай, нядбайнік аслізлы!
Крокам руш за парадай, што трэба дабавіць яшчэ!
I папоўз скараход сапсаваны на поўдзень азызла,
Дзе рака Iардан па зямлі запаветнай цячэ.

Трэці раз дэміургі ў чаканні на бераг паселі.
Ад варагаў у грэкі ў паветры імкнулі свой бег
Серабрыстыя птушкі, нібы разбітныя газелі,
I за сонцам ляцеў над планетай прываблівы век.

– Зразумець не магу, – прашаптаў Чарнабог безнадзейна, –
Дзе памылка? Чаму чалавек, як тыфозная вош?..
У маркоце браты адаткнулі бутэльку партвейну,
Парассеклі сякерай на лусты сухую брыёш.

– Хіба мы шкадавалі для іх беласнежнае гліны
I чырвоныя сокі караляў з калінавых зор,
I алей з абляпіхі, аранжавы, што апельсіны,
Залацістага сонца празрысты крынічны раствор,

Зеляніну буйную з салатавых пашаў раскошных,
Васільковы блакіт і сінечы сапфіравы бляск,
Фіялетавых браткаў і бэзу ліловага кошык,
Нават плыняў рачных крышталёвы залівісты пляск.

Мы пазычылі ім усе фарбы нябеснай вясёлкі.
Растлумач, Белабог, са злашчаснай нагоды якой,
Бы вужакі, залезлі яны пад разгатыя ёлкі
I ваўкамі скуголяць на Месяц, забыўшы спакой?

Брат старэйшы цадзіў задуменна астаткі напітку,
Паглядаў, як на крошках брыёшы сядзяць мурашы,
Бо не мог пазабыць абгарэлую срэбную нітку,
Што забрудзіла смоллю навек асяродак душы.

Надзвычайна яму падавалася незразумелым,
Што кудысь неўпрыкмет усе фарбы сусвету зышлі,
I, змяшаўшыся разам, дзягцярныя колеры з белым
У мышастую шэрасць запэцкалі далеч зямлі.

– Недарэкі! – на голас удвух павярнулі галовы:
Грыз маруну на схіле пагорка вушасты тумак. –
Я замест слімака вам прынес запавет Iеговы,
А ганца не чакайце – не вернецца болей слімак.

Ён адмовіўся быць на пасылках у гэтым шалмане
I вяртацца назад у гаротную вашу турму,
Бо на словах яму адрасат растлумачыў пасланне:
«Вы свабодную годнасць не ўклалі народу свайму!»

– Што за годнасць? Навошта яна бесталковаму люду? –
Забурчэлі браты. – I які з тае годнасці смак?
Але скочыў вястун, а багі, бы вялікага цуду
Спадзяюцца трывуча, што зноў прыпляцецца слімак.