Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Гомельская элегія князю Паскевічу

Сярэдняя: 3.5 (6 галасоў)

ГОМЕЛЬСКАЯ ЭЛЕГIЯ КНЯЗЮ ПАСКЕВIЧУ

Белагаловы вал зімы
Растаў і плынню вадаспада
Iмкліва рухнуў, як прынада
Для крумкачынае гурмы.
I падавалася – эспада
Працяла Сожа бег прамы.

Ваўчком круціўся рэзвы вір,
Што клавікордавае ронда;
Трымала круглая ратонда
Антычных ордэраў клавір,
I хвой карункавая блонда
Махрыста акрывала жвір.

Правінцыяльная нуда
Ў палон зацяганай руціны
Вяла зарослыя курціны,
Дзе кураслеп і лебяда
Ды бальзаміны зрок рысіны
Каля фамільнага гнязда.

Глухое гразкае сяло,
Якое шчодрасцю манаршай
Дзеля спачыну пасля маршаў
Схавана пад тваё крыло,
Яснавяльможны пан фельдмаршал,
Цябе аблытала ў сіло.

Бо нездарма з усіх баёў
Пасля калецтваў і кантузій
У гэты горад без ілюзій
Твой шлях непераможны вёў
Пад услаўленняў чортаў тузін,
Пад спеў імперскіх салаўёў.

Абвіўшы стромкі крутагор,
У аканіцы вецер клацаў,
Як капыты на бруку пляца;
Звінеў стрэмёнамі віхор
Аб вежу княскага палаца,
Аб Петрапаўлаўскі сабор.

Ён так жа церабіў траву,
Калі пад магілёўскім мурам
Ты інаходніцкім алюрам
Схапіўся з корпусам Даву
На злосць разважлівым аўгурам,
Спыніўшы націск на Маскву.

Учынкаў адчувальны плён
Спрыяў тваёй ваярскай долі:
Падзякаваў Барклай дэ Толі,
Схіліўся князь Баграціён,
У асляпляльным арэоле
Пабляк уперш Напалеон.

Твой вышываны эпалет
Картушам зробленага фрыза
Лунаў на ростанях Тэбрыза,
Біў Эрыванскі вілает,
I страціў слодыч парадыза
Асманскі горад Баязэт.

Ці лішак палкаводчай славы
Душыў, калі твае палкі
Па руху ўпэўненай рукі
Ўвайшлі на вуліцы Варшавы,
Дзе разгуляліся клінкі
Захопленай казацкай лавы?

Альбо цябе венгерскі бунт,
Які быў варты процьмы оргій,
Што распачаў прадажнік Гёргей,
Стрымаў на крышачку секунд?
О, не! Блішчэў святы Георгій
На ордэнах тваіх ва фрунт!

Фельдмаршал, спі! I гэты сон
Зусім не той, што ў цёплай спальні –
Твой прах пад спудам пахавальні
Ляжыць, захутаны ў вісон,
I толькі дрэвы развітальна
Ў страі стаяць, як гарнізон.

Твая схуднелая рука
Пад шклом музея бранзавее –
Яна не вырве, быццам фея,
З імперскіх хронік ні радка!
Да Ганібала і Пампея
Цячэ імклівая рака…