— Пятрусь, ты чуў, — казалі людзі,
Ужо ж пайшлі баравікі.
А ты ўсё нейку дробязь вудзіш,
Сядзіш, бы чапля, ля ракі.
Дык заўтра досвіткам з табою
Бярэм па лусце ды кашы —
І ў бор за Лысаю гарою:
Грыбоў там — хоць касой касі.
Адно глядзі, каб ані слова
Суседцы нашай не казаў.
Як што, хлусі, што йдзем па дровы.
Ды псіну каб з сабой не браў!
Сам знаеш, як у лесе з рэхам.
До, што ўжо летась ён «прадаў».
Хіба прывалаклася б Стэфа,
Каб Бакс дурны твой не брахаў?!
Яна ж тады перада мною
Прайшла, як трактар бараной,
Бы дзік лычом, пад кожнай хвояй
Усё разгрэбла, ліха ёй.
Грыбоў напхала і ў хвартух —
Мы менш нарэзалі і ўдвух!..
…І вось ён, бор! Грыбоў — навалам,
Ды ледзь не спрэс баравікі!
Калі па паўкаша набралі,
Пачулі, што трашчаць сукі.
Пятрусь знямеў, бы з глузду з’ехаў,
Аж потырчам у мох упаў,
Калі здалёк гукнула Стэфа:
— Чаму ж ты Баксіка не ўзяў?