Калі-небудзь, калі Вас сюды
занясе ветравей выпадковы,
і Вы ўгледзіце ў вершах сляды
скасаванага Вамі былога,
я хачу, каб Вы ведалі... не! —
каб Вам сэрца працяла — маланкай:
што дагэтуль Вы — сонейка мне —
недабітаму Вамі падранку.
Калі-небудзь, калі Вам штоноч
будзе плач мой далёкі турботай —
так, што Вы не заплюшчыце воч,
пра мяне ўспамінаючы ўпотай,
Вам з'яўлюся я ў сне і скажу,
што на сэрцы маім натрымцела:
я за Вас, загубіўшы душу,
як ахвяра, пакутую целам.
Калі-небудзь, калі мне цярпець
невыноснае мочы не стане
і прыму я... не, Божа, не смерць! —
вычварэнную жудасць расстання,
веру я, что й тады не памру.
не загіну ад болю уночы—
бо пачую нарэшце: "Даруй!"
і убачу раскайныя вочы.
Калі-небудзь, калі да мяне
Вы працягнеце ў роспачы рукі —
ды дарэмна — маё ўсё міне:
успаміны, і пахі, і гукі,
я жадаю, каб зведалі Вы
блаславенне істоты нявіннай:
акрамя найчысцейшай любві
я нічога Вам больш не пакіну.
Калі-небудзь...
Калі?
22.07.2014
Ах, паэта... Як зведаць ты
Ах, паэта...
Як зведаць ты мог
Мае думкі, жыцця павуцінне,
Таямніцу маю...
Незнарок
Гэты верш аб шчаслівай часіне.
Ты чытаеш сузор'яў лісты,
Марыш у слове адбіцца навечна.
Талент твой - то не коўшык пусты.
Гэта воды Кастальскай крыніцы.