***
Калі скончацца ўсе крошкі хлеба,
вазьмі далонь маю ў сваю, Мама,
ціха шапні:
– Хадзем са мной, дачушка...
Золак толькі займаецца, глянь на ўсход!
Бач, марыва туману спадае...
Хадзем!
Якраз той час!
Бяры свой посах і руш!
Адсёння – толькі голымі!
Адсёння і раны загояцца.
Кінь торбу сваю грувасткую,
далей з ёй – немагчыміца!
Пакінь сынам сваім адзінае – Слова Святое!
Хадзем жа, хадзем…
Канец – гэта толькі пачатак.
Далікатна крані мае валасы, венчык,
ціхутка моў:
– «Святый Боже,
Святый крепкий,
Святый бессмертный, помилуй нас...»