Калі ты перастанеш сьніцца
я зноўку паспрабую жыць…
Нарэшце вырашу ня сьпіцца,
і не паліць, і не паліцца,
не забівацца, і забіць…
На ўсё
што засталося ў Празе
на вечным мосьце над ракой
у тым адным бясконцым разе
у той адной двайной паразе -
такой маёй, такой тваёй…
Рукой…
што робіць прапанову
і той, што трапна б'е пад дых
не перапішаш ўсё на нова…
Ня сьніся, я стрымаю слова
Мне досыць цемры ў снах маіх.
За нас з табой,
за тых дваіх
што усё зрабілі адмыслова…
Табой агучаная мова
больш не ўспрымаецца на слых
Калі ты перастанеш сьніцца
я зноўку паспрабую жыць…
Ні дождж па шкле, ні навальніца
не перашкодзяць мне маліцца
абы перашкаджалі сьніць!