Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

КАЛIНОЎСКI ПЕРАД СМЯРОТНАЙ КАРАЙ

Сярэдняя: 4.1 (13 галасоў)

Вар’яцтва, сыдзеш ад мяне калі ж ты?!
Як птушкі пааблеплівалі ліштвы…
Iм што тут: салам змазана акно?
Я гэтай ежы не страчаў даўно.
Адкуль у вязня масла або сала!
З такім пайком і віленскі маршалак
Рыгне душой, як чорт на аналой,
I вочы пазацягнуцца імглой…
Дзяўбі сухар, вяртлявая сініца!
Не наракай на гэтую драбніцу:
Цябе багата часу баляваць,
Таму чаго душу не балаваць?
Які ў цябе на шыі важны шалік!
Такога нават віленскі маршалак…
Ды што ж ён думкі захапіў мае!
Мо заспяваеш, пташка? Не пяе…
Ты расшпілі свой каўнярок вузенькі,
Табе не падымацца на ступенькі
Бліжэй, бліжэй, бліжэй да каўняра,
Што носіць Гедымінава гара.
Але ж чаму так мякка і так лоўка
Ён неўпрыцям нагадвае вяроўку?
Навошта мне мундзір? Нашто каўнер?
Я ж не чыноўнік, Божа, не жаўнер!
Сініца, прэч! О, Госпадзі, прабач!
Нашто табе злашчасны папіхач?
Я заклінаю аб выратаванні
Ад злых здагадак і дурных ваганняў.
Той век, той цар… Малю: адзін глыток!
Пакінь мяне, пяньковы завіток!
Я не хачу! Бяздонне, на калені!
Паветра, Госпадзі! Дасі ўсяго імгненне!..