калісьці я здымаў
на дваіх з прыяцелем
аднапакаёвую кватэру
па вуліцы Кузьмы Чорнага.
у кватэры былі
брудныя жоўтыя шпалеры.
я прачынаўся на сьвітанку
ляжаў на сваім ложку
ў цесным няўтульным пакоі
і глядзеў на сьцяну
аблепленую гэтымі старымі шпалерамі
з бруднымі ружовымі кветкамі
вельмі брыдкімі кветкамі.
я бачыў як з акна
на гэтыя кветкі
апускаюцца сьціплыя
плітачкі святла
на кветках пачынала
блішчаць раса
і я разумеў: гэта сьлёзы
старога габрэя
які некалі жыў
у гэтай кватэры.
аднойчы
ён выйшаў
на спатканьне
са сьмерцю
трымаючы ў руцэ
гэтыя брудныя
брыдкія
ружовыя
кветкі.