Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Калядная песня ў Пячоры

Сярэдняя: 4.3 (3 галасоў)
                                     Міхасю Дрынеўскаму

Ні сёння, ні заўтра, ні ўчора,—
Згубіўся знявераны час.
Калядная песня ў пячоры
На неба узводзіла нас.
«Адкуль вы і хто вы, дзяўчаты?» —
Пытаўся каменны дракон.
А тыя нібыта на свята
Стаялі ля светлых вакон.
Кружыліся гукі, як гусі,
I рэха нясла ў даланях
На голас маёй Беларусі
Славенскай зямлі глыбіня.
То бралася змрокам вячэрнім,
То смехам будзіла гару
Вясёлых правін адпушчэнне
З паклонамі гаспадару:
«Ды няма ні ў кога
Каня такога...» —
Марозна звінелі падковы,
Высвіствалі палазы,
I светла вяла Міранкова
Святлана дзяўчат галасы.
Гулялі завейна пагляды,
Люлялі калядніцы ціш, —
Сустрэнься з такой на каляды —
I ў пекле па-райску згарыш!..
«Ды няма ні ў кога
Двору такога...» —
Забыты дарогі, атэлі:
Падземная зала была
Тым дворам, дзе сэрцы святлелі...
I плакала ў змроку скала.
I грэшны анёл з падзямелля —
Маэстра — натхнёна ляцеў...
I ўсе святыя нямелі,
I кожны быць грэшным хацеў!..