Набожна я складаю гэты верш
Далонямі ў малітве,
Бо такая
Згарае сёння свечка у душы,
Што воск не застываючы сцякае
З вачэй маіх!
Маленства ж час святы –
На покуці душы маёй праўдзівай:
Вось маятнікам порстка на сцяне
Памахвае гадзіннік,
Як кадзілам,
І набліжае час куцці!
Браты
Ад маці нахапалі клёцак-зорак:
– А ну ўгадай!
А у сям’і нас – цот,
А у сям’і не лішка нас – чацвёра!
Нам з Франусем найменшым –
Мак малоць.
Мы ж мелем,
Як ваду таўкуць у ступе!
Гаворыць мама:
– Ў печы пірагі
Расці не будуць,
Годзе, дзеці, стукаць!
– А ну, сынкі, па лета ў пуню хто –
Пакласці пад настольнік? –
Кажа тата.
Бяжым.
Катом сібірскім каля ног
Завея трэцца,
Просячыся ў хату!
– Ну што, пара! –
Нібы зара,
Кісель
Усіх світальна за сталом яднае.
Разумны,
Бо матулінай рукі
Вядома мне навука прыкладная,
На божыя партрэты, як усе,
Жагнаюся,
А вочы – ну! – смяюцца:
Кругі мне над галовамі ў святых,
Як з Вільні, абаранкамі здаюцца!..
...Мне сёння нават цёпла ад таго.
Таўклі мы мак, як тыя камары
Перад куццёй
Вядома на цяпло!
І свечка у душы маёй гарыць...