Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

КАЛЫХАНКА ДЛЯ РОДНАЙ ВЁСКІ

Яшчэ не ацэнена

Ты спіш, мая стамлёная сялянка,
Руплівіца, прыслужніца палёў...
Аціхлая ад клопатаў, дзялянкаў,
Ты ціха спіш ў абдоймах ручаёў.

Ты ціха спіш, і твой ціхмяны подых
Ледзь-ледзьве чутны ў пошуме бяроз.
Замоўклі птахі – вестуны прыроды,
Святло струменіць месячык наўскос.

Ты ціха спіш, адгушкаўшы ў прыполе
Сваю малечу – дочачак, сыноў,
Што так пяшчоцілі штолета поле,
Што так гукалі ўвосень журавоў.

Ты ціха спіш, душы маёй калыска,
Майго маленства векапомны сон…
Ты састарэла, спахмурнела – блізка…
Як быццам чуеш – блізкі, хуткі скон.

Як быццам бачыш – сонца не высока,
Гаруеш – моўчкі, ды ў нямой тузе –
Ні ўздыха, ні адчайнага папрока –
Ты ціха спіш… сцяблінкай на лязе…

…І ціха спі, стамлёная сялянка,
Адвечная прыслужніца палёў.
Сівая, мо, – ад клопатаў, дзялянкаў,
Спі, люлі-люлі, у абдоймах сноў.