Перад Вялікаднем звычайна
Я гэтай працы не мінаў, –
У сажы ўвесь блішчаў вачамі,
Нібы сапраўдны камінар,
Яловым голлем чысціў комін.
Было далёка мне відаць.
Мяне убачыўшы, – таксама
Хтось мог жаданне загадаць.
Няма работы болей важнай.
Ўспаміну жарам абдало, –
Як загарэлася ў нас сажа
І страшна ў коміне гуло.
Мы выбягалі на падворак, –
Над дахам іскраў сноп дрыжаў.
На шчасце, нас мінула гора
І ў нас не здарыўся пажар…
…Ў жыццёвых клопатах спрадвечных
Аб тым найлепш мне ўспамінаць,
Калі блішчыць вачамі вечар,
Нібыта ў сажы камінар.